НАЎГАРО́ДСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

першапачаткова вобласць славеняў ільменскіх (вакол воз. Ільмень з цэнтрам у г. Ноўгарад) на ПнЗ сучаснай Расіі. Месцазнаходжанне Н.з. на стыку шляхоў «з варагаў у грэкі» з Волжскім спрыяла развіццю тут гандлю, рамёстваў і культуры. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» у сярэдзіне 9 ст. (пасля т.зв. запрашэння на княжанне Рурыка) у Н.з. склаўся найважнейшы цэнтр стараж.-рус. дзяржаўнасці. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі. У 12—15 ст. назва Н.з. пашырылася на ўсю тэр. Наўгародскай феадальнай рэспублікі (самастойная з 1136), падзеленую на адм.-тэр. адзінкі — пяціны (Бежацкая, Водская, Дзераўская, Абанежская, Шалонская). Н.з. ў гэты перыяд займала тэр. ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі і ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала. З 1478 у складзе Маскоўскага вялікага княства, з 16 ст.Рас. дзяржавы. Да пач. 18 ст. Н.з. захоўвала свае асаблівасці ў кіраванні, у т.л. падзел на пяціны (з 16 ст. іх колькасць павялічылася), якімі кіравалі адпаведныя падраздзяленні («сталы») маскоўскіх прыказаў. У 1610—15 Швецыя заваявала зах. частку Н.з. каля Фінскага заліва Балтыйскага м. і на ПнЗ ад Ладажскага воз. (адваявана пры Пятру I). Н.з. канчаткова страціла свае асаблівасці пасля ўвядзення Пятром I адм.-тэр. падзелу Расіі на губерні (1708).

М.Г.Нікіцін.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)